МІ́ЛАШ АБРЭ́НАВІЧ.
Мілаш Тэадоравіч (7.3.1780, Сярэдня-Дабрыня, Сербія — 14.9.1860), князь Сербіі [1815—39, 1858—60], заснавальнік дынастыі Абрэнавічаў. Удзельнік 1 -га сербскага паўстання 1804—13 супраць тур. няволі. Пасля яго паражэння дамогся ад тур. султана прызначэння кнезам (князем) Паўд.-Зах. Сербіі. Узначаліў 2-е сербскае паўстанне 1815, у выніку якога паводле пагаднення з тур. ўладамі стаў вярх. кнезам усёй Сербіі. Арганізаваў забойства Г.Карагеоргія (1817). У 1826 дамогся аўтаноміі для Сербіі, а для сябе ў 1830 спадчыннага тытула кнеза. Імкнуўся да аб’яднання паўд.-слав. зямель пад эгідай Сербіі, стварыў бюракратычна-паліцэйскую сістэму праўлення, цалкам ігнаруючы Скупшчыну (парламент). У 1839 пацярпеў паражэнне ў барацьбе з апазіцыяй (падпісаў канстытуцыю, якая абмяжоўвала яго ўладу), адрокся ад прастола на карысць свайго сына Міхаіла і эмігрыраваў. У 1858 Скупшчына Сербіі скінула кн. А.Карагеоргіевіча і вярнула прастол М.А.
т. 10, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)